У Таццяны Заміроўскай выйшла новая кніга “Свечкі апакаліпсіса”

Як піша “Наша Ніва”, кніга пісьменніцы і журналісткі складзеная з яе дзённіка гонза-назіранняў за наведнікамі буціка ў Нью-Ёрку з самымі дарагімі свечкамі ў свеце. Там Таццяна працавала спачатку прадаўцом, пасля менеджаркай.

“Я штовечар пасля працы мусіла пісаць справаздачу маім парыжскім босам (іх, дарэчы, клікалі Жульен і Аліўе, як навагоднія стравы). Я пісала ім, што вось прыходзілі такія людзі, паводзілі сябе так і так (мяне ў выніку таму і нанялі менеджарам, бо я вельмі класна гісторыі распавядала). І сам бос неяк сказаў: „Таня, такія класныя гісторыі, ты проста пісьменнік!“ А я такая: „Ну, блін, я як бы насамрэч...„.

І бос мне параіў, што я павінна з гэтых гісторый зрабіць кніжку, бо вельмі смешна. Гэта ж француз! Яны любяць такія апакаліптычныя гісторыі пра пакупнікоў, якія дзіўна сябе паводзяць, асабліва калі гэта амерыканцы. Французам толькі дай магчымасць парагатаць з амерыканцаў (дарэчы, трэба кніжку на французскую мову перакласці, буду шукаць перакладчыка)“, — распавядае аўтарка.

Выданне ўжо стала бестселерам у некаторых анлайн-крамах.

„Я жыву ў Амерыцы, а кніжка выйшла ў расійскім выдавецтве Алены Шубінай, і грошы ад выдання кніжак у Расіі я і этычна, і палітычна атрымліваць не магу і не хачу (нават калі б яны былі вялікія). А тыя невялікія сумы, якія там назапашваюцца, атрымліваю не я, а харошыя людзі, якім яны патрэбныя, скажам так. І грошы гэтыя праўда невялікія“, — кажа Таццяна.

Таццяна Заміроўская нарадзілася ў Барысаве, скончыла факультэт журналістыкі БДУ і арт-магістратуру Бард-Каледжу. Ужо 10 гадоў жыве ў Нью-Ёрку. Як журналістка і музычны крытык пісала для шматлікіх беларускіх выданняў. Аўтарка кніг „Жыццё без шуму і болю“, „Вераб’іная рака“, „Зямля выпадковых лічбаў“, „Смерці.net“, „Эўрыдыка, правер, ці выключыла ты газ“.

Чытайце таксама